Ты паслухай мяне… Ты паслухай мяне: я вярнуся – Разам зь Песьняй і разам зь Вясной, І да роднай Зямлі прыгарнуся, Да цябе прыгарнуся Душой. І пачую крыніц Перазовы, Незямнога й зямнога Жыцьця, І адчую нясказанасьць Слова, Аднаго на ўвесь сьвет Пачуцьця… Ты паслухай мяне: будзе згода Між Зямлёю і Небам у нас. Паміж сэрцамі будзе лагода, А між кветкамі будзе Вясна. Бо яна да зімы не прыходзе, А прыходзе пасьля халадоў. І зь нягодамі жыць ужо годзе, Як наўкола шчыруе Любоў. Ты паслухай: усё будзе добра, Бо Душа не шукае Дабра, Бо яе залатая прастора Пачынаецца там, дзе Зара, Дзе ўзыходзіць яна над Зямлёю І над нашым з табою Жыцьцём, Каб жылі мы і Песьняй адною, І адным на ўвесь Сьвет Пачуцьцём... |