Соколов-Воюш Сергей |
Сяржук СОКАЛАЎ-ВОЮШ, сапр.: Сяргей СОКАЛАЎ (нар. 16 кастрычніка 1957, в. Астроўшчына Полацкага р-на Віцебскай вобл.), беларускі паэт, бард і перакладчык. Нарадзіўся ў сям'і служачых. Працаваў слесарам на заводзе жалезабетонных вырабаў (1974-1976), на Наваполацкім вытворчым аб'яднанні «Палімір» (1979). Служыў у Савецкай Арміі (1976-1978). У 1979 паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, пасля 3-х курсаў перавёўся на завочнае аддзяленне, якое скончыў у 1985. Працаваў настаўнікам у сярэдняй школе № 5 Наваполацка (1982-1984, 1985-1988), навуковым супрацоўнікам філіяла Літаратурнаіа музея Я. Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на (1984-1985), звольнены за арганізацыю святкавання Купалля на тэрыторыі музея. У кан. 1980-х актыўна ўдзельнічаў у мерапрыемствах арганізаваных нацыянальна арыентавай часткай грамадства. Працаваў загадчыкам літаратурнай часткі лялечнай трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску (1988-1990). З 1973 жыў ў Наваполацку. Член СП СССР і Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1990). У 1991 па сямейных абставінах пераехаў у ЗША. Жыве ў Празе (Чэхія). Жанаты, мае трох сыноў. Дэбютаваў у друку ў 1973 (наваполацкая газета «Хімік»). Аўтар зборніка паэзіі «Кроў на сумётах» (1989), п'есы-казкі «Свецяць, свецяць зорачкі...» (пастаўлена ў 1989). Пераклаў на беларускую мову п'есы А. Андрэева «Манумент», «Любоў да бліжняга», асобныя творы ўкраінскіх, польскіх пісьменнікаў. Часта выступае як аўтар і выканаўца сваіх песень. У ЗША і Канадзе выйшлі дыскі яго песень. ---------------------------------------------------- Літ.:Сокалаў-Воюш Сяржук // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995. • Соколов-Воюш Сержук // Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсьць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В.Голубеў, А.Кіжэ, А.Смольскі, В.Трыгубовіч, Г.Ахметава, В.Чуйко. — М.: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. ISBN 5-8013-0068-6 |
|
|