Ты паслухай мяне…

Ты паслухай мяне: я вярнуся –
Разам зь Песьняй і разам зь Вясной,
І да роднай Зямлі прыгарнуся,
Да цябе прыгарнуся Душой.

І пачую крыніц Перазовы,
Незямнога й зямнога Жыцьця,
І адчую нясказанасьць Слова,
Аднаго на ўвесь сьвет Пачуцьця…

Ты паслухай мяне: будзе згода
Між Зямлёю і Небам у нас.
Паміж сэрцамі будзе лагода,
А між кветкамі будзе Вясна.

Бо яна да зімы не прыходзе,
А прыходзе пасьля халадоў.
І зь нягодамі жыць ужо годзе,
Як наўкола шчыруе Любоў.

Ты паслухай: усё будзе добра,
Бо Душа не шукае Дабра,
Бо яе залатая прастора
Пачынаецца там, дзе Зара,

Дзе ўзыходзіць яна над Зямлёю
І над нашым з табою Жыцьцём,
Каб жылі мы і Песьняй адною,
І адным на ўвесь Сьвет Пачуцьцём...

 

  

 

 
 
Конструктор сайтов - uCoz